Аляксандр Лукашэнка летась запатрабаваў, каб у Беларусі пачалі вырабляць сякеры, на якія не сорамна глядзець. Імпартазамяшчальныя аналагі пачалі выпускаць няпрофільныя заводы — МТЗ і «Гарызонт». Айчынныя сякеры параўнальныя цаной з прадукцыяй папулярных заходніх брэндаў, а ў некаторых выпадках пераўзыходзяць коштам некаторыя імпартныя аналагі.
Падчас вясновага суботніка летась Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што вымушаны калоць дровы імпартнай сякерай. Мяркуючы з фота, у яго ў руках быў тавар аднаго з самых дарагіх брэндаў — фінскага Fiskars. Палітык заявіў, што на беларускія аналагі «жудасна глядзець», і намякнуў вытворцам, якія сякеры трэба вырабляць.
Выконваць патрабаванне Лукашэнкі пра выпуск уласных прыстойных сякер летаськінуліся два няпрофільныя прадпрыемствы — «Гарызонт» і МТЗ.
Выпускаюць «трактарныя» сякеры ў двух памерах. Адзін з іх на сайце МТЗ прапануюць за 132,65 рубля (усе цэны ў тэксце актуальныя на 6 лістапада 2025-га), а другі — за 166,78. Пры гэтым у траўні мінулага года іх прадавалі па 95 і 115 рублёў адпаведна. Выходзіць, за гэты час яны выраслі ў цане ў 1,4 разу.
Чакана, што ў іншых прадаўцоў гэты тавар каштуе даражэй — яны закупляюць яго ў МТЗ оптам і перапрадаюць. У выніку ў кошт уключаныя адпаведныя дадатковыя выдаткі. Так, у сетцы ОМА меншую сякеру цяпер прапануюць са зніжкай за 160,85 рубля замест 184,74. Вялікую сякеру — калун — прадаюць за 232,28 рубля. Ёсць месцы, дзе апошняя каштуе танней, напрыклад, 216,82 рубля, а ёсць і даражэйшыя — ад 258,93 рубля.
Цэны на беларускі тавар цалкам параўнальныя з імпартнымі, а часам і пераўзыходзяць іх. Напрыклад, нямецкі калун брэнда Kraftool прапануюць ад 175,06 рубля. Ён падобны характарыстыкамі да беларускай вялікай сякеры. Аднак, як відаць, каштуе ён на 9 рублёў больш, чым прапануе беларускі завод, але прыкметна танней, чым калун ад МТЗ у розніцы. Даражэйшы — аналаг фінскага брэнда Fiskars, які каштуе ад 274,10 рубля.
Ёсць у продажы і куды таннейшая альтэрнатыва калунам. Прынамсі, Startul Garden Master за 71,10. Яго даўжыня крыху большая, чым у прадстаўленага МТЗ, а вага — крыху меншая. А таксама кітайскі Patriot, які прапануюць ад 152,35 рубля.
Што да маленькай сякеры, то і ў гэтым выпадку ў розніцы ёсць дастаткова таннейшых варыянтаў вядомых брэндаў. Напрыклад, той жа Фінскі Fiskars можна ўзяць ад 169,5 рубля, у той час як варыянт ад МТЗ прапануюць амаль ад 206 рублёў. Аднак рэальна знайсці і даступнейшы імпартны варыянт — ад 42,80 рубля.
МТЗ не выпускае гэтых тавараў самастойна. Завод яшчэ толькі збіраецца ў 2026 годзе наладзіць поўны цыкл вытворчасці сякер. На прадпрыемстве сцвярджаюць, што гэта знізіць іх сабекошт. «У перспектыве гадавы аб’ём выпуску сякер перавысіць 12 тыс. штук, што дазволіць цалкам задаволіць патрэбы ўнутранага рынку», — паведамляе прэс-служба МТЗ.
Чытайце таксама






